ЮВЕЛІ́РНАЕ МАСТА́ЦТВА (ад ням. Juwel ці галандскага juweel каштоўны камень),

выраб мастацкіх рэчаў (упрыгожанняў, прадметаў побыту, культу, зброі і інш.) з каштоўных і інш. каляровых металаў у спалучэнні з каштоўнымі і паўкаштоўнымі камянямі, жэмчугам, бурштынам, косцю, перламутрам, шклом і інш.; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У Ю.м. выкарыстоўваюць розныя тэхнікі, ручныя і мех. спосабы апрацоўкі: коўку мастацкую і ліццё мастацкае, чаканку, гравіраванне, чарненне, філігрань, эмалі, разьбу мастацкую, зернь, інкрустацыю, траўленне, паліраванне, штампаванне, вальцоўку і інш.

Найб. стараж. вырабы Ю.м. вядомы з 3-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. Двухрэччы, Індыі. краінах эгейскай культуры. З 14—12 ст. да н.э. Ю.м. развівалася ў Стараж. Кітаі, краінах Стараж. Амерыкі. Японіі. на Б. Усходзе. з 5—4 ст. да н.э. ў Стараж. Грэцыі, з 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. ў Стараж. Рыме. У раннім еўрап. сярэдневякоўі выдатныя творы Ю.м. вырабляліся ў Візантыі, асабліва вылучаліся прадметы культу. 15—16 ст. — час росквіту італьян., 16—17 ст. — ням., 17—19 ст. — франц. Ю.м. Выдатныя маст. якасці вылучаюць залатыя ўпрыгожанні і маст. пасудзіны скіфаў і сарматаў (Паўн. Прычарнамор’е. Прыкубанне. Ніжняе Паволжа). Высокім майстэрствам славіліся ювеліры Кіеўскай Русі (залатыя вырабы з перагародчатай эмаллю. чаканеныя аклады абразоў). У 16 ст. агульнарус. цэнтрам Ю.м. стала Масква. у 18 ст. — Пецярбург. З сярэдзіны 19 ст. пачаўся масавы механізаваны выпуск ювелірных вырабаў. У Ю.м. 20 ст. з’явіліся новыя матэрыялы, творчыя кірункі сталі больш разнастайныя. Побач з арнаментамі, якія імітуюць розныя гіст. стылі. у сярэдзіне 20 ст. сустракаюцца вобразныя вырашэнні, звязаныя з праблематыкай сучаснай культуры (напр., касм. тэма). Вытокі сучаснай арнаментыкі Ю.м. — у сімволіцы язычніцкіх вераванняў, калі магічны змест выяў крыжа, круга, кола, разетак, зорак. надаваў прадметам значэнне засцерагальнікаў. У многіх ювелірных вырабах адлюстроўвалася шанаванне жывёл. Паступова язычніцкая сімволіка была выцеснена геам., расл., тэраталагічным арнаментамі. У сучасным Ю.м. зацвердзіўся кірунак, звязаны з выкарыстаннем дызайнерскіх форм, дзе адсутнічае арнамент. Ювелірныя ўпрыгожанні вырабляюць на ювелірных фабрыках, ствараюць асобныя мастакі.

На Беларусі першыя вырабы з каляровых металаў вядомы з пач. бронзавага веку (мяжа 3-га і 2-га тыс. да н.э.): бранзалеты, дыядэмы, акулярападобныя прывескі, скроневыя кольцы, грыўні і інш. З сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. ў Ю.м. выкарыстоўвалі ліццё, коўку з дроту і спец. загатовак, чаканку і інш. У канцы 1-га тыс. да н.э. з’явіліся фібулы з мясц. арнаментам — плоскім трохвугольным шчытком, у пач. 1-га тыс. — новыя тыпы бранзалетаў і пярсцёнкаў, накладкі для шчытоў, завушніцы, вырабы з выемчатымі эмалямі — лунніцы (гл. Абідзенскія эмалі), ажурныя фібулы, паясы. З 6—8 ст. выраблялі ўпрыгожанні з серабра, арнаментаваныя несапраўднай зерню. У дэкоры пераважаў геам. арнамент. Развіццё Ю.м. ў 9—13 ст. звязана з узнікненнем гарадоў, работай ювелірных майстэрняў у Мінску, Полацку, Навагрудку, Гродне, Брэсце і інш. Засвойваліся новыя тэхнікі (філігрань, чарненне, серабрэнне, агнявое залачэнне чырвоным золатам, гравіраванне, штампоўка, перагародчатыя эмалі), пашырыўся асартымент металу (свінец, волава, серабро, золата, сплавы). Найб. значныя помнікі Ю.м. таго часу — Крыж Ефрасінні Полацкай, залатыя пярсцёнкі з Полацка, скроневае кольца з Барысава, бранзалет з Мінска, колты з Вішчынскага замка (Рагачоўскі р-н), гравіраваны абразок з выявай св. Дзмітрыя з Ваўкавыска (усе 12 ст.). У шэрагу твораў адлюстравалася пераасэнсаванне маст. традыцый Візантыі, Кіеўскай Русі, краін Зах. Еўропы, Міжземнамор’я і Усходу: засваенне новых выяўл. і арнаментальных матываў, з’яўленне новых відаў быт. рэчаў — лыжачак. ключоў, званочкаў, — а таксама энкалпіёнаў, мініяцюрных распяццяў, абразкоў, 2—3-створкавых складанняў. З’явіліся новыя формы падвесак, скроневых кольцаў, шыйных грыўняў, якія адлюстроўвалі этн. прыналежнасць уладальнікаў. Высокімі маст. якасцямі вылучаюцца гравіраваныя накладкі на абклады Мсціжскага і Лаўрышаўскага евангелляў (14 ст.). Развіццю Ю.м. 15—17 ст. спрыяла стварэнне рамесных цэхаў у Мінску, Вільні, Полацку, Слуцку, Гродне, Брэсце і інш., якія аб’ядноўвалі меднікаў, злотнікаў, сярэбранікаў, збройнікаў і інш. майстроў ювелірнай справы (усяго на Беларусі ў 15—16 ст. працавала 105 такіх майстроў, у 17 ст. — 665, у 18 ст. — 909). Пераважаў выраб культавых рэчаў, а таксама побытавага посуду. Шмат майстроў-ювеліраў — выхадцаў з Беларусі — працавала ў 17 ст. ў Аружэйнай палаце ў Маскве, сярод іх Ларыён Афанасьеў, Іван Андрэеў, Фёдар Пракоп’еў, Іван Юр’еў, Гаўрыла Аўдакімаў, творы якіх зберагліся да нашага часу. У Ю.м. 15—18 ст. рысы зах.-еўрап. маст. стыляў (готыка, рэнесанс, барока, ракако) спалучаны з мясц. маст. традыцыямі. Для тагачаснай бел. школы Ю.м. характэрны спалучэнне ў адным творы розных тэхнік апрацоўкі металу, рэаліст. характар трактоўкі расл. матываў, наіўна-рэаліст. трактоўка кананічных іканаграфічных зводаў, плоскаснасць дэкору — асабліва выразныя ў дэкоры літургічнага посуду, крыжах, абкладах евангелляў і інш. царк. начыння, рэчах свецкага прызначэння (паясы, шкатулкі, кубкі і інш.). На Ю.м. 1-й пал. 19 ст. паўплываў стыль ампір, з 2-й пал. 19 ст. ў многіх вырабах назіраюцца эклектычныя рысы. Ю.м. 20 ст. актыўна развівалася з 1960-х г. Ювелірныя ўпрыгожанні, дэкар. пластыку, сувеніры, посуд стваралі ў майстэрнях Маст. фонду Беларусі і Мін-ва быт. абслугоўвання насельніцтва Беларусі; сучасныя ювелірныя вырабы — у індывідуальных майстэрнях, на прадпрыемствах (гл. Ювелірная прамысловасць). Бел. мастакі выкарыстоўваюць традыц. ювелірныя тэхнікі (скань, эмалі, ліццё, зернь і інш.), эксперыментуюць з новымі матэрыяламі. Сярод майстроў Г.​Асташонак, Ю.​Гудзіновіч, Б.​Дрозд, Р.​Іваноў, Ю.​Калістратаў, А.​Карніенка, М.​Кузьміч, Ю.​Любімаў, В.​Фёдараў, А.​Шостак і інш.

Літ.:

Штыхаў Г.В., Захаранка П.М. Старажытныя скарбы Беларусі. Мн., 1971;

Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии (от первобытного общества до 1917 г.). Мн., 1972;

Постникова-Лосева М.М. Русское ювелирное искусство, его центры и мастера. XVI—XIX вв. М., 1974;

Высоцкая Н.Ф. Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў. Мн., 1984.

М.​М.​Яніцкая, Л.​Ф.​Салавей.

Да арт. Ювелірнае мастацтва. Завушніцы. Золата. Стараж. Егіпет. Каля 3 ст. да н. э.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. Скроневае кольца Бронза. Гарадзішча Баронікі. Віцебская вобл. 5—4 ст. да н. э.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. Фібула вікінгаў у форме шкатулкі. Пазалочаная і пасярэбраная бронза. Мартэнс, в-аў Готланд. 11 ст.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. Крыж-мошчахавальнік. Майстэрні Маскоўскага Крамля. 17 ст.
Да арт. Ювелірнае мастацтва. А.​Шостак. Бранзалет. Серабро, ізумруд, брыльянты, мохавы агат, перламутр. 1992.

т. 18, кн. 1, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)